Афиша / Спектакли

Шчаслівы муж

Прэм’ера камедыi "Шчаслівы муж" Францішака Аляхновіча адбудзецца 29 чэрвеня на сцэне Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі.

…Як хочацца быць самастойнай, яркай, спапяляльна-спакушальнай і заўсёды нечаканай! Як хочацца быць сапраўднай каралевай, кіраваць і падпарадкоўваць, маніпуляваць і гуляцца мужчынамі! І як жахліва, калі ты ўсяго толькі сціплая жонка звычайнага мешчаніна!

Але калі ў тваім жыцці з’яўляецца таямнічы граф, тады нельга спыняцца ні перад чым дзеля таго, каб дасягнуць сваёй мэты!

Галоўная гераіня – летуценная мяшчанка Магдалена, стомленая ад свайго малацікавага і прадказальнага мужа Гаўдэнта, вырашае закруціць раман з графам Мацальскім. Яна нават не здагадваецца, да якіх нечаканых вынікаў прывядзе гэтая авантура…

Пастаноўка – Мюр Фарыдовіч
Кампазітар – Максім Іўкін
Сцэнаграфія – Воля Вячорка
Пластыка – Марына Філатава
Тэксты песень – Мюр Фарыдовіч

У спектаклі гучаць вершы Леаніда Дранько-Майсюка "У Вашым голасе квітнеюць астры…" і "Усё – падман, усё – падман…"

Пра аўтара Францішка Аляхновіча:

Адзін са стваральнікаў беларускага прафесійнага тэатра і кабарэ.

Падлеткам быў вялікім аматарам кірмашовых прадстаўленняў (асабліва любіў музей васковых фігур).

Чалавек, які ўзбагаціў нашу драматургію неўласцівымі ёй жанравымі накірункамі (дэкадэнцкая драма, аперэта, гістарычная драма, “гарадская” камедыя) і новым героем (эгацэнтрычны жыхар горада, інтэлігент-неўрастэнік).

Заўсёдны антаганіст яшчэ аднаго пачынальніка беларускай тэатральнай рэжысуры Фларыяна Ждановіча.

Аўтар першага навуковага даследвання пра беларускі тэатр.

Па ўспамінах многіх сучаснікаў (Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі) меў выключны талент актора і арганізатара – у тых гарадах, дзе ён працаваў (Вільня, Менск) тэатр імгненна ажываў.

Чалавек, які арыштоўваўся царскай, літоўскай і бальшавіцкай паліцыяй.

Аўтар першых у свеце ўспамінаў пра савецкія лагеры (кніга “У кіпцюрох ГПУ”).

Падчас другой сусветнай вайны – кіраўнік Віленскага камітэта Беларускай незалежніцкай партыі, сябры якой выступалі супраць бальшавікоў і нямецкіх акупантаў.

3 сакавіка 1944 года – каля 8-мі гадзін вечара забіты невядомым у Вільні ў сваім кабінеце 2-ма стрэламі ў галаву.

Пра п’есу:

Адна з самых папулярных п’ес сярод беларускіх тэатральных калектываў Заходняй Беларусі.

У аснове п’есы – рэальны факт з жыцця Аляхновіча, калі ён, будучы  маладым безграшовым артыстам, вымушаны быў у адным мяшчанскім доме  выдаваць сябе за графа.

Прататыпам Магдалены і Гаўдэнта Залепкаў служылі Люцыяна і Казімір Пятроўскія, у якіх на пачатку 20-х гадоў Аляхновіч здымаў пакой.

Вядомы польскі кінапрадзюсэр Станіслаў Патоцкі хацеў экранізаваць “Шчаслівага мужа” і запрасіць на галоўную ролю Шарля Буайе. Гэтым намерам перашкодзіла здзейсніцца другая сусветная вайна.

У адным з лістоў да Рыгора Шырмы Міхал Забэйда-Суміцкі пісаў, што хацеў бы зрабіць з гэтай п’есы камічную оперу і выканаць партыю Ільдэфонса Мацальскага.

У час напісання "Шчаслівага мужа" Аляхновіч перажываў вялікія сямейныя праблемы (жонка хацела ад яго сыйсці), што і адбілася на агульнай танальнасці твора, у якім жанчыны прадстаўлены сапраўднымі эгаістычнымі драпежніцамі.

Гэтая п’еса ішла з вялікім поспехам на сцэне Менскага гарадскога
тэатра (1942 г.).

Адзін з самых любімых твораў Максіма Гарэцкага, які ставіў “Шчаслівага мужа” у адзін шэраг з камедыямі Мальера і Гогаля.

Пад час пастаноўкі спектакля "Шчаслівы муж" (у Менскім гарадскім тэатры) Аляхновіч закахаўся ў выканаўцу ролі Магдалены Альбіну Сікорскую, але яна аказалася абыякавай да яго заляцанняў і закруціла раман з акцёрам Уладзімірам Говар-Бандарэнкам (які сыграў Ільдэфонса Мацальскага).

Адна з нямногіх п’ес Аляхновіча да якой прыхільна паставіўся вядомы савецкі тэндэнцыйны тэатральны крытык Уладзімір Няфёд.

Добавить комментарий


Комментарии к статье

Добавить комментарий

Курсы валют

  • Доллар США2.0884
  • Евро2.349
  • 100 Российских рублей3.2751
  • 10 Польских злотых5.4824
  • 100 Украинских гривен7.8287
  • 10 Китайских юаней3.1085
  • Канадский доллар1.5618